ГЕАЛАГІ́ЧНЫ РАЗРЭ́З,

геалагічны профіль, графічнае адлюстраванне геал. будовы тэрыторыі, тэктанічнай структуры, радовішча і інш. аб’ектаў у вертыкальнай плоскасці. Паказвае склад горных парод, іх узрост і ўмовы залягання ўздоўж умоўнай лініі пэўнай працягласці (ад дзесяткаў метраў да соцень і тысяч кіламетраў) на паверхні Зямлі. Складаецца паводле матэрыялаў вывучэння свідравін, выхадаў горных парод на паверхню, горных вырабатак, геафізічных даследаванняў, часам на падставе геал. картаў; паказваецца на геал. картах і ў дакументацыі. На выяве геалагічнага разрэзу вертыкальны маштаб звычайна значна большы за гарызантальны. Геалагічным разрэзам называюць таксама апісанне ці графічны паказ стратыграфічнай паслядоўнасці і літалагічнага складу горных парод у пункце назіранняў.

т. 5, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)